ТЫТУНЁВА-МАХО́РАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая нарыхтоўвае тытунёвую і махорачную сыравіну, праводзіць ферментацыю тытуню, вырабляе махорачныя і тытунёвыя вырабы.
Тытунёвыя ф-кі ўзніклі ў 17 ст. ў Вялікабрытаніі і Галандыі. На Беларусі Т.-м.п. пачала развівацца ў 18 ст. У 1860 дзейнічалі 32 Дробныя прадпрыемствы (напр., брэсцкія тытунёвыя мануфактуры). У 1913 было 19 тытунёва-махорачных фабрык, з іх найб.: Гродзенская тытунёвая ф-ка, ф-ка «Нёман», акц. т-ва «Шарашэўскі і К°», Лідская і Віцебская ф-кі; выраблена 48 млн. шт. цыгарэт і папярос, 371 тыс. скрынак курыльнай махоркі. У 1940 выпушчана 705 тыс. скрынак курыльнай махоркі. Пасля Вял. Айч. вайны прадпрыемствы адноўлены, пачалі дзейнічаць Мінская тытунёвая ф-ка і тытунёва-ферментацыйны з-Д у Гродне. Да 1975 дзейнічала Віцебская тытунёвая ф-ка. У 2001 найб. буйныя Гродзенская тытунёвая фабрыка і Мінская. Выраблена ў 1990—16,4; у 1995—6.2; у 1999—9,3; у 2000—10,4 млрд. шт. папярос і цыгарэт. Т.-м.п. найб. развіта ў ЗША, Індыі, краінах Паўд. Амерыкі.
т. 16, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)